Забягаючы наперад, скажу, што мая ўвага да асобы і творчасьці Зоські Верас на гэтым ня скончылася: праз год ці два я напісаў да яе зборніка вершаў і прозы «Васількі» невялікую прадмову, завязалася нават, праўда на нядоўгі час, ліставаньне.

Зоська Верас была не апошняя з абыйдзеных увагай і тым пакрыўджаных пажылых літаратараў, далучыць якіх да СП я лічыў для сябе справай гонару. Адна задума аказалася, дзякаваць Богу, пасьпяховай: у 1984 годзе быў прыняты ў сябры Саюзу паэт Сяргей Новік-Пяюн, аўтар знакамітай песьні «Зорачкі», змагар за нашую волю і долю ў акупаванай палякамі Заходняй Беларусі. Патрыёт Бацькаўшчыны, якому дастаўся вельмі неміласэрны лёс: шмат разоў арыштоўваўся, сядзеў у турме і быў у пяцігадовай ссылцы пры пілсудчыках, быў прысуджаны да пакараньня сьмерцю і адпраўлены ў Калдычэўскі канцлагер нямецка-фашысцкімі акупантамі, і, нарэшце, як у аддзяку за ўсё гэта, у сьнежні 1944-га КДБ на дзесяць гадоў загнала яго на Калыму. Па ўзросьце, калі яго прынялі ў Саюз, ён таксама ўжо належаў да «старэчча» — яму было семдзесят восем. Хай сабе і з такім запазьненьнем, аднак жа справядлівасьць перамагла. А яшчэ аднаму былому вязьню ГУЛАГу, якому я хацеў дапамагчы, не пашанцавала. Гэта — таленавіты паэт-лірык Кастусь Шавель, аўтар чатырох зборнікаў вершаў. Ён вельмі хацеў стаць сябрам СП, г. зн. прызнаньня і прававой роўнасьці ў сям’і беларускіх пісьменьнікаў, аб чым пісаў мне ў лістах і казаў пры выпадковай сустрэчы ў выдавецтве. Але ЦК КПБ ня мела жаданьня і далей цярпець свавольства першага сакратара СП. І мабілізавала на зрыў маёй задумы Максіма Танка, а ён, калі гэтага вымагала ад яго высокае партыйнае начальства, бываў вельмі ўпартым. Некалькі разоў ён, скажам так, патрабавальна прасіў мяне не ісьці супраць волі ЦК і ня ставіць пытаньне пра Шавеля на прэзі­дыуме. Прычына: у гады нямецкай акупацыі ён быў калабарантам і за гэта адбываў пакараньне на катарзе. Пра «віну» паэта я добра ведаў ад яго самога і маіх знаёмых з Узьдзеншчыны: ён працаваў пад немцамі настаўнікам вясковай школы, вучыў дзяцей беларускай мове і літаратуры. Я сам больш за год вучыўся ў той час у такіх настаўнікаў, лічыў, што яны рабілі высакародную справу, і таму настойваў на сваім, тым больш, што паабяцаў Шавелю падтрымку. Яўген Іванавіч узлаваўся: «Гамолка званіў, па маёй просьбе, сакратару Узьдзенскага райкаму партыі! Той абяцае скандал на ўсю рэспубліку, калі мы прымем здрадніка Радзімы ў Саюз пісьменьнікаў! Сказаў: пойдуць дзясяткі пісем ад працоўных Узьдзеншчыны!» — «Але ж ён, кажу, законапаслухмяны, лаяльны грамадзянін краіны, яму дазволена друкавацца і выдаваць кнігі, і ён выдае іх — дзе ж логіка? За што — дыскрымінацыя?» — «От, дзівак, ей-богу! Ну ня можам жа мы ісьці супраць ЦК! Ну звані сам Івану Іванавічу!.. Зрэшты, можа пачакаць і Шавель, пройдзе нейкі час і мы вернемся да гэтага пытаньня».

Шавель пачакаў бы, але Бог ня даў яму на тое чаканьне здароўя — праз гады два ён памёр. А ў мяне на ўсё жыцьцё засталося пачуцьцё ня толькі шкадаваньня, але і віны — як бы я мог зламаць супраціўленьне і перамагчы.

Неўзабаве пасьля выпадку з Зоськай Верас мне адкрылася, што начальства занепакоенае маімі паводзінамі куды больш, чым я мог думаць. Звоніць аднойчы, памочнік Першага сакратара ЦК Ю. П. Сьмірноў (мы былі ў добрых узаемна-даверлівых адносінах) і кажа, што ёсьць пільная патрэба сустрэцца. Зразумеў, што нешта вельмі сур’ёзнае. На сустрэчы і даведваюся: у А. Кузьміна адбылася наступная размова з Ц. Кісялёвым «па селектары». «Тихон Яковлевич, что будем делать с Гилевичем? Создает проблемы». — «А именно?» — «Оказался неуправляемым. Гнет свое, что вздумает, и не туда.» — «Но ведь это Вы с Машеровым решали без моего участия. (Машэрава Ц. Я. недалюбліваў і цяпер не ўпусьціў магчымасьці хоць трохі адыграцца). Надо же что-то ему предложить, а не просто отправить.» — «Есть варианты по научной части, он ведь профессор.» — «Ну смотрите.» На гэтым размова, якую, седзячы ў Ц. Кісялёва, чуў Ю. П. Сьмірноў, скончылася.

Навіна мяне, канешне ж, усхвалявала, але не скажу — напалохала. Хутчэй — заінтрыгавала: што ж яны намераны мне прапанаваць? Што — які новы хамут, калі мне патрэбна толькі свабода? Уга, калі яшчэ марыў атрымаць статус «вольнага мастака»! Ну, ад новага хамута — які б ён ні быў — я ўжо адаб’юся. Тым больш, што аўтарытэту Машэрава ўжо няма.

У самым канцы 1982 году здарылася нешта такое, што надоўга абрынула мяне ў прорву расчараваньня — і ў сябрах, і ў калегах, і ў камуністах. Дык хто мы ёсьць і на што мы здольныя, сябры? Якімі маральнымі прынцыпамі кіруемся? Многія помняць: у друку і вусна справядліва гучалі галасы абурэньня, чаму нашаму слыннаму паэту і пісьменьніку Уладзіміру Караткевічу не далі Дзяржаўную прэмію БССР пры жыцьці, а на ганьбу і сорам зрабілі гэта толькі пасьля яго сьмерці. Раскажу, як гэта было ў канцы 1982-га, калі я таксама быў уведзены (пасада ж!) у склад Камітэту па Дзяржаўных прэміях. Прэзідыум Камітэту (я ў прэзідыум не ўваходзіў) вырашыў падтрымаць прапанову ЦК — не даваць прэмію Караткевічу, а даць яе другому прэтэндэнту. Прэзідыум вынес сваё рашэньне на партыйную групу Камітэту, думка якой фактычна азначала прысуджэньне або непрысуджэньне. Рэч у тым (і камізм абсурду ў гэтым), што Камітэт, за выняткам двух чалавек, складаўся з членаў партыі. Гэтыя двое беспартыйных — В. Быкаў і М. Савіцкі — паўтары гадзіны сядзелі пад дзьвярыма, чакалі, пакуль партгрупа вырашыць лёс прэміі. І што ж было на пасяджэньні партгрупы? З прапановай ад ЦК КПБ вы­ступіў І. Антановіч. Адзін за адным падымаліся нашыя знакамітыя, вядомыя пісьменьнікі (І. Шамякін, І. Навуменка, М. Чыгрынаў, само сабою — М. Танк) і горача падтрымлівалі кандыдатуру... не Караткевіча. Так выказалі свае адносіны да Караткевіча і сваю волю адны. А другія проста прамаўчалі, як набраўшы вады ў рот, помнячы, што «слова серабро, а маўчаньне золата». І тады ўзяў слова «неафіт» у Камітэце, Першы сакратар праўленьня СП БССР. Крыкам крычаў: «Таварышы! Апомніцеся! Да якога часу мы будзем цаніць пісьменьнікаў не па таленце, а чорт знае па чым? Няўжо трэба даказваць права Караткевіча на Дзяржаўную прэмію? Да таго ж — яго стан здароўя выклікае вялікую трывогу. Я ведаю, што кажу, і вы ведаеце, што ён вельмі хворы, ён можа не дажыць да чарговага прысуджэньня!..» — «Забаронены прыём, Н. С.,— перабіў мяне І. Антановіч. — Так гаварыць не тактоўна — усе ходзім пад Богам».— «Ды ганьба ж будзе ўсім нам, калі мы ня вырашым сёньня справы ў карысьць Караткевіча!..» Я гаварыў усё гэта такім павышаным тонам, што Генадзь Бураўкін двойчы падхопліваўся і злосна крычаў: «Ніл, сядзь! Сядзь, табе кажу!» Відаць, ад страху за лёс маёй кар’еры: пайшоў супраць пазіцыі ЦК! За гэта ня толькі можна зьляцець з пасады, але і з партыі выляцець. Калі я нарэшце выкрычаўся, сеў, адчуўшы, як гулка тахкае сэрца, у канферэнц-зале ўсталявалася магільная цішыня, у якой унушальна праскрыпеў голас Антановіча: «А вам, Ніл Сямёнавіч, як Першаму сакратару, трэба ведаць, што, дзе і калі гаварыць...»

Ну, а хто ж падтрымаў мяне, мой голас, мой лямант у абарону справядлівасьці? З чатырох дзясяткаў членаў партгрупы толькі адзін чалавек — мастак Васіль Шаранговіч. Толькі адзін! Вось такая прынцыповасьць — і партыйная, і чалавечая, і сяброўская. І кандыдатуру Караткевіча нават ня ўнесьлі ў сьпісак для галасаваньня, відаць, баючыся, што можа здарыцца нечаканасьць.

Калі гэтая ганебная, ва ўсіх адносінах здрадніцкая акцыя закончылася, Антановіч запрасіў мяне выйсьці з ім у вялікую залу і там, у шэрым прыцемку сам-насам сказаў: «Што вы робіце, шаноўны Ніл Сымоновіч! Вы ідзеце супраць установак ЦК! Я вас паважаю і люблю, але ж ёсьць партыйная дысцыпліна. Не рабіце такога далей — мая вам шчырая парада». — «Дык а як быць з сумленьнем, са справядлівасьцю? Ну гэта ж крайне несправядліва!» — «Усё справядліва: у наступны раз атрымае Караткевіч».

У наступны раз... Гэта значыць, праз два гады. А Уладзімір Сямёнавіч праз паўтара года памёр.

Ну, а калі б на тым пасяджэньні партгрупы ўсе пісьменьнікі падтрымалі маю прапанову? Усе ж выдатна ведалі і разумелі, хто такі Караткевіч у нашай літаратуры, і шырэй — у нашай нацыянальнай культуры наогул. Што ж перашкодзіла прая­віць сваю волю па справядлівасьці, сумленна? На гэтае пытаньне кожны павінен адказаць сам. Але навошта — калі можна сьпісаць на пракляты час партыйнай дыктатуры. Наогул — сьпісаць. На што сьпісаць — заўсёды знойдзецца. На культ асобы Сталіна, на валюнтарызм Хрушчова, на салдафоншчыну Брэжнева, на маразм Чарненкі...